гадзіннік, у якім для вымярэння бягучага часу (у гадзінах, мінутах, секундах) выкарыстоўваюцца перыядычныя эл. сігналы, што выпрацоўваюцца электронным генератарам з кварцавым рэзанатарам. Многія Э.г. паказваюць таксама дату, дзень тыдня, месяц, т-ру і інш. Бываюць наручныя, настольныя, аўтамаб. і інш. Ёсць Э.г., канструктыўна (на базе агульнай мікрасхемы) аб’яднаныя з мікракалькулятарам, а таксама Э.г.-будзільнікі. Дакладнасць ходу да + 15 с за месяц.
Высокастабільныя эл. ваганні (імпульсы) ад генератара паступаюць у паўправадніковае вылічальнае прыстасаванне, якое пераўтварае іх у секундныя імпульсы, робіць вылічэнне бягучага часу і календара, фарміруе сігналы кіравання лічбавым індыкатарам. Наручныя Э.г. працуюць ад мініяцюрных гальванічных элементаў з эрс 1,5 В, настольныя (насценныя) — ад сеткі пераменнага току напружаннем 127/220 В або таксама ад гальванічных элементаў, транспартныя — ад уласных акумулятараў (12 В). Светлавыя індыкатары выконваюцца на мініяцюрных люмінесцэнтных і лямпах напальвання, святловыпраменьвальных дыёдах; пашыраны таксама табло на вадкіх крышталях. Пашырэнне набылі і электронна-механічныя гадзіннікі, у якіх адлік часу робіцца па становішчы стрэлак на цыферблаце. Акрамя электроннага блока (часта ў выглядзе інтэгральнай схемы) яны маюць сінхронны або шагавы электрарухавік і колавую сістэму, якія пераўтвараюць эл. сігналы ў перамяшчэнне стрэлак. На Беларусі Э.г. выпускаюцца з 1975 мінскім з-дам «Электроніка» (у складзе ВА«Інтэграл»).